Прайшлі праз смерць сына, але гэта не апошняе выпрабаванне. Гісторыя кахання Вольгі і Паўла Севярынцаў

14 февраля 2021 года

Юлія Чаргінец, фота: Вольга Шукайла

Восем месяцаў палітык, пісьменнік, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец утрымліваецца ў няволі. Яго абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Дома палітвязня чакаюць жонка і сын, якому праз месяц спаўняецца тры гады. Да Дня закаханых Вольга Севярынец расказала нам пра тое, якія падарункі атрымлівае ад мужа з Валадаркі, чаму палітыку не замінае быць рамантыкам, пра страту дзіця і пошук сіл пасля выпрабаванняў для далейшага жыцця. Мы даведаліся, як гэта кахаць таго, хто абраў для сябе палітычную барацьбу.


«У мужа забралі час, калі Францішак стаў размаўляць, стаў асэнсаваным чалавекам»

Францішак сустракае нас ля дзвярэй прывітаннем, пасля ізноў бяжыць да лялечнай піццы. Апошнім часам гатаваць — яго любімая гульня. Як і складанне передачы для таты: распакоўванне, наразанне і перасыпанне прадуктаў у празрыстыя пакеты.

— Ён часта просіцца напісаць ліст тату на кампутары, міла набірае літаркі і ўголас кажа, што піша яму, — распавядае Вольга. Яна ўспамінае, што да таго, як затрымалі мужа, хлопчык любіў бавіць час з татам: выкопваць на возеры каналы, танцаваць, маліцца разам і ўзлятаць да столі ад татавых падкідванняў. Бачна, кажа, што гэтага сыну дужа не хапае. Часцей стаў пытацца, дзе тата, і разыгрываць сцэнкі, як бацька едзе на машыне дахаты.

— Я не хавала ад Францішка, дзе тата. Я кажу яму, што тата абавязкова вернецца да нас. Нам трэба чакаць яго і маліцца за яго. І Францішак моліцца: «Дабраславі тату. Амінь». Злуюся, што ў мужа забралі час, калі Францішак стаў размаўляць, стаў асэнсаваным чалавекам.

Самае вялікае выпрабаванне для Вольгі зараз бачыць, як расце сын без таты. За восем месяцаў расстання Францішак значна змяніўся. Ён толькі пачынаў гаварыць, калі бацьку затрымалі, а цяпер свабодна размаўляе і прыдумляе сюжэты да гульняў.

Паўла Севярынца cхапілі 7-га чэрвеня амаль каля свайго дома, калі ён ехаў з выбарчага пікета на Камароўцы. Вольга была сведкай затрымання: убачыла са стрыму, што Павел вяртаецца, і выйшла сустрэць разам з Францішкам. Мужа суправаджала вялікая колькасць людзей, гурбой выйшлі да яго суседзі, але раптам пад’ехаў шэры бус, і Паўла гвалтоўна пасадзілі ў яго. Для Вольгі гэта было нечаканасцю, думала, што ўсё ж разам пойдуць дадому.

«Наабяцаў мне рамантыкі на два жыцці наперад»

Штотыдзень Вольга збірае перадачу на Валадарку, звяраецца са спісам неабходных рэчаў. Павел перадае з СІЗА, што ніколі не бачыў такой хвалі салідарнасці, шмат адказвае на лісты, таму самае запатрабаванае — папера. Бывае, просіць перадаць штосьці новае, што раней асабліва і не ўжываў. Да прыкладу, у папярэднюю перадачу Вольга паклала па замове мужа какаву. Стараецца купіць толькі тое, што просіць Павел, каб залішняе не псавалася. 

Парада ад Вольгі для тых, хто хоча дапамагчы палітзняволеным: абавязкова звязвацца з роднымі, каб ведаць, што сапраўды трэба, ці наладзіць сувязь непасрэдна з палітвязнем.

Францішак ужо больш за паўгады не бачыў тату
Вольга разам з сынам збіраюцца аднесці перадачу ў СІЗА

Пра сябе ў лістах Павел піша мала. У асноўным — пра справы ці пра каханне. «Наабяцаў мне ўжо рамантыкі на два жыцці наперад», — жартуе Вольга.

Толькі праз ліставанне і адваката сям’я трымае сувязь. З 7-га чэрвеня Вольга ніводнага разу не бачыла мужа, які нават за кратамі застаецца рамантыкам.

— У палітычным жыцці яго таксама называюць рамантыкам, але калі ён і рамантык, то такі, які не лётае ў аблоках, а ўсё разумее і пры гэтым не губляе надзеі і шчырасці ў тым, што робіць. Павел аддаў барацьбе 25 гадоў жыцця, больш сямі гадоў правёў у турмах і на «хіміях» і не перастаў верыць у беларусаў, ды яшчэ напісаў 12 кніг, — распавядае пра мужа Вольга.

Закахалася Вольга ў Паўла ў тым ліку праз яго кнігі, цяпер яны даюць адчуванне таго, што дарагі чалавек блізка. Асабліва моцнае ўражанне было ад аповесці «Паленне», першага мастацкага твора Паўла Севярынца. «Чытаю і здзіўляюся, наколькі глыбокі і моцны мне дастаўся мужчына. Пры тым, што ўсе гэтыя кнігі пісаў у зняволенні».

З турмы палітык дасылае партрэты жонкі і сына (Павел Севярынец скончыў мастацкую школу). Да Свята закаханых Вольга атрымала паштоўку-валянцінку, а Францішак — працяг «Казкі пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай», якую Павел піша менавіта для сына і дасылае па частках у лістах.

— Найбольш кранаюць мяне ў яго лістах кавалачкі, якія ён піша сыну. А Францішак просіць гэтыя месцы перачытваць і, здаецца, нават не дыхае, калі слухае, замірае, акуратна адказвае на пытанні, якія Паша яму задае.

Источник фото: Даслала гераіняВалянцінка ад Паўла, якую атрымала Вольга

«Прапанаваў руку і сэрца на першым жа спатканні»

Пазнаёміліся Вольга за Паўлам 12 гадоў таму. Дзяўчына паступіла на філфак БДУ, і аднойчы сябры запрасілі яе паглядзець фільм «Плошча» (дакументальны фільм Юрыя Хашчавацкага). На тым праглядзе Вольга і ўбачыла ўпершыню Паўла.

— Хто ён такі, я даведалася пазней. А з той першай сустрэчы добра памятаю глыбокія Пашыны вочы, яго інтэлегентнасць і ўпэўненасць. Моцна здзівіць мяне ён здолеў адразу ж. Па сутнасці, ён зрабіў прапанову рукі і сэрца на першым жа спатканні. Павел запрасіў сустрэцца ў горадзе. Я была ўпэўнена, што будзем абмяркоўваць грамадскія справы, але пачула прапанову стварэння сям'і. Тады мяне, 18-гадовую дзяўчынку, гэта крыху збянтэжыла, — прызнаецца Вольга.

Стаць жонкай Павел Севярынец прасіў яе, стоячы на каленях. Адбылося гэта на плошчы Свабоды ў цэнтры Мінску, акурат у той момант зазванілі званы храма.

Класічнай гісторыі кахання пасля знаемства не адбылося. Сустрэчы хутка спыніліся, таму што Павел быў арыштаваны за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2010 года. Яго выслалі адбываць «хімію» ў Куплін (Брэсцкая вобласць) на тры гады.

— Можна сказаць, што калі мы сустракаліся, ён увесь час сядзеў, — кажа Вольга. Напачатку яна адчувала хваляванне за тое, што Павел палітычна актыўны, але яшчэ больш перажывала за розніцу ва ўзросце: Павел старэйшы за Вольгу на 13 гадоў.  — Я баялася, што бацькі гэта дрэнна ўспрымуць, але дарэмна. Дзесяці хвілін размовы хапіла, каб яны яго палюбілі. Сёння мае родныя яго падтрымліваюць абсалютна. Павел — упарты хлопец, калі ён разумее, што шлях, які ён абраў, правільны, ён з яго не сыйдзе. Я перажываю за яго, за нас, але разумею, што гэта яго шлях. Паша сапраўды любіць гэту краіну і гэты народ. Мне застаецца толькі падтрымліваць, і я ні разу не пашкадавала.

Праз тры месяцы вызвалення з куплінскай «хіміі» Вольга з Паўлам ажаніліся. Вянчанне было каля таго месца, дзе Вольга пачула прапанову стаць жонкай — у Архікафедральным саборы Дзевы Марыі. Атмасфера была вельмі ўрачыстая, у храме прысутнічала каля 200 чалавек.

Источник фото: Даслала гераіня Вяселле ў сям'і Севярынцаў

Першы раз пасля шлюбу Паўла затрымалі падчас акцыі недармаедаў у 2017 годзе. Вольга тады не спала ўсю ноч — мужу далі 15 сутак. А цяпер ужо 8 месяцаў Павел за кратамі. Жонка палітвязня стараецца трымацца, хоць гэта і цяжка. З дня шлюбу прайшло ўжо сем гадоў, і сёлета першы раз, калі гадавіну свята пара сустрэла не разам.

— У гэты дзень у нас склалася традыцыя хадзіць у адмысловую кавярню. Кожны год Паша старанна рыхтуецца і выбірае новае цікавае месца звычайна з беларускай кухняй ці каларытам, — успамінае Вольга.

«Толькі Бог можа такую цемру, як страта дзіця, ператварыць у дабраславенне»

Вольга з Паўлам прыдумалі імя дзіця яшчэ нават да цяжарнасці. Пастанавілі, што калі будзе хлопчык, яго назавуць Янкам. Але на першым абследаванні лекары параілі зрабіць аборт па медпаказаннях. Беларуска кажа, што яны з Паўлам не маглі пазбавіцца ад дзіця, якога так чакалі, нават вельмі хворага.

Дакладнага дыягназа ніхто не мог вызначыць, а на 33-ім тыдні здарыліся заўчасныя роды. Ад Вольгі адразу ж забралі дзіця, сказалі, што ў яго парок сэрца. У той час Павел прэзентаваў кнігу ў Чэхіі, але вярнуўся на наступны ж дзень пасля нараджэння Янкі.

— Ён ляжаў у будынку, вокны якога выходзілі на роддом, я глядзела туды і малілася. Паша амаль усе дні і ночы быў пры Янку, нашым залатым хлопчыку. На восьмыя суткі ён памёр. Нягледзячы на смерць, гісторыя Янкі для нас светлая. Ён сам стаў тым цудам, якога мы чакалі. У тыя дні было вельмі шмат дзівосных цудаў, па-іншаму гэта не назавеш. На пахаванне 23-га снежня быў вельмі сонечны і шумны дзень, усё навокал быццам гуло ад ветру, а над могілкамі з’явілася вясёлка. Пасля на працягу першых месяцаў мы па ўсёй кватэры то тут, то там знаходзілі белыя пёркі. Светлы супакой не пакідаў нас яшчэ доўга. Толькі Бог можа такую цемру, як страта дзіця, ператварыць у дабраславенне».

Карціна, якая стала для Севярынцаў сямейнай рэліквіяй

Праз тры з паловай гады пасля страты дзіця Павел з Вольгай даведаліся, што зноў чакаюць хлопчыка. Назвалі яго ў гонар Францыска Скарыны, бо той год быў 500-м з выдання друкаром Бібліі. Навіну пра цяжарнасць Павел успрыняў бурна: шчаслівы насіў жонку на руках. І нават прайшоў курс партнёрскіх родаў пры радзільні, гэта была абсалютна яго ініцыятыва.

Муж з жонкай — глыбока веруючыя людзі, і гэта таксама аб'ядноўвае сям'ю. У пакоі, дзе мы размаўляем з Вольгай, прыцягвае ўвагу карціна з вобразам Ісуса. Дзіўным чынам яна суправаджае Севярынцаў. Напачатку плакат з такім сюжэтам вісеў у доме, дзе Павел раней адбываў хімію. Пасля сям’я ўбачыла падобную на першым здымным жыллі. Супадзенне палічылі знакавым і папрасілі гаспадароў аддаць твор для свайго жылля пры пераездзе. 

— Каб здабыць шчасце ў шлюбе, трэба быць цярплівым, ахвярным, асвячаць яго малітвай і нават паміраць для сябе, калі гэта патрэбна, —  упэўнена Вольга і прымае любыя выпрабаванні. — Шлюб — гэта пастаянная праца.

Недалека ад СІЗА на Валадарцы, дзе Вольга бывае кожны тыдзень

Вольга верыць, што каханне пераможа — інакш не можа быць. У гэтым упэўнены і яе муж Павел. Пачытайце верш, які ён даслаў жонцы на яе трыццацігоддзе. 

Сем месяцаў мы не

Заплюшчвалі вочы

Побач адно з адным,

Сем год мы дыхалі дні і ночы

Ветрам і Духам Святым.

І хай яшчэ будзем сем сядзьмінаў

Жывыя плоццю адной —

Ніколі я цябе не пакіну,

Заўсёды буду з табой.

Заўсёды з табой, мая Каралева,

Як мы абяцалі там,

Дзе Госпад нашчадкаў Адама і Евы

Навечна злучае Сам.

Хай лёд, хай мор, хай халоднае мора

Хай сэрца замрэ ад тугі -

У шчасці разам, разам і ў горы

Па самыя берагі.

Бо ён дзяцей сваіх не пакіне

Ні ў радасці, ні ў бядзе:

Возьме на рукі, вынесе з плыні,

Нават калі ўпадзем.

У гэтым узросце, мая Святая,

Госпад пайшоў у свет.

У гэтым узросце і мы ступаем

У Ягоны ледзь бачны след.

У гэтым веку, мая Агнюся,

Палаць нам Ягоным вагнём

Сэрца гарыць — быць спадзяюся

Вартым цябе Каралём.

Краіна рушыць шляхам Ягоным,

Над намі Ягоны сцяг.

Біч, суды, пляўкі і праклёны

І нават цвікі ў касцях.

Калі мы і праўда Яго насенне

і ў нас Ягоная кроў —

Мы станем народам

Уваскрасення

І ў свет панясем любоў.

Мы зробім нашы душы празрыстымі

Каб, што бы там не было,

У Беларусі, яснай і чыстай,

Заззяла Яго святло.

Анёлы ў небе спяюць:"Алелюя!"

Насустрач новаму дню,

І хай нішто цябе не хвалюе —

У дзверы я пазваню.

Выпрабавання няма звыш сілаў,

Як у цудоўным сне.

Таму не сумуй, Каханая, Мілая:

Проста чакай мяне.