Сейчас на сайте
Акции и события
С 31 мая по 2 июня пройдет Минский открытый роботурнир
Все о детях
Как помочь ребенку выбрать профессию? И надо ли помогать?
Это интересно
Откуда столько разводов? 5 причин, почему белорусы рушат отношения 10 вещей в родительстве, за которые можно себя простить Как имя влияет на судьбу человека
Фотофакт
30 лучших идей для романтичных фото
Спорный вопрос
Почему логопедические группы в саду переполнены? Убийство или выбор? Как запрет абортов в разных странах повлиял на рождаемость
Здоровье
"Ты – инвалид. Зачем тебе это надо?". Супруги из Слуцка отвоевали право быть родителями Гинеколог рассказывает, почему после родов нам становится больно
Личный опыт
От чего зависит размер и форма груди после родов и кормления? «Женщина не должна превращаться в “клушу”». Как семьи делят родительские обязанности
Новости компаний
Лучшие детские лагеря на летних каникулах 2019

Как живет семья, в которой родители общаются с детьми только на белорусском языке

11 марта 2019 года
24

Мы не аднойчы чулі пра тое, што сення школьнікам цяжка даецца беларуская мова і літаратура, няма цікавасці і разумення, навошта гэтыя прадметы патрэбныя. Мама 4 дзяцей Наталля Зенька падзялілася з намі сваім шляхам да мовы, а таксама апавяла, што ёй дапамагае рабіць свет беларускай мовы прывабным для дзяцей.

 


 

- У нас пакуль дзеці не надта вялікія: 8, 6, 5 і 1,8. Дзеці размаўляюць па-беларуску і дома, і з іншымі людзьмі. І гэта натуральна, бо іх бацькі размаўляюць у Беларусі заўсёды па-беларуску.

Вельмі смешна чуць, як здзіўляюцца людзі, напрыклад, у транспарце: "А што вашы дзеці размаўляюць па-беларуску? Як вы іх навучылі?". Ну, а на якой мове яны будуць размаўляць, калі яшчэ ў жывоціку чулі беларускую мову? Для іх гэта сапраўды родная мова, матчына мова.



Як гэта было ў мяне

Узгадваю свой шлях да беларускай мовы. Я пачала чытаць з 5 год, вядома ж, па-руску. Нічога беларускага ў маім дзяцінстве не было, хіба што “Калыханка” па тэлевізары, і тое зрэдчас. У бацькоў была багатая бібліятэка, і на палічках можна было знайсці і кнігі беларускіх казак, аповесці беларускіх пісьменнікаў, але …па-руску!

У школу я ішла з вялікай ахвотай. Матэматыка, руская мова, французская - усё вучыць было лёгка і прыемна. А праз некалькі месяцаў, як гром з яснага неба - бацькам паскардзіліся, што я вельмі дрэнна чытаю па-беларуску. Бацькі кінуліся шукаць дзіцячыя кнігі па-беларуску. І набылі тоненькую кніжачку з адной народнай казкай... Нічога страшней я да гэтага не чытала і не глядзела... Вусцішны сюжэт і страхалюдныя малюнкі.

Прынамсі так мне, у мае 6 год, падалося. Пасля гэтага кашмары мне, на шчасце, не сніліся, а вось беларускую мову я ўзненавідзела аж да 8 класа, пакуль у школьнай праграме не з’явіўся Караткевіч.

Ведаючы цяпер па сабе, як важна стварыць пазітыўны вобраз вакол таго, чаму ты хочаш навучыць дзіцё, я вельмі ўважліва стаўлюся да выбару кніг на беларускай мове для дзяцей. Цікавыя сюжэты, прыгожыя ілюстрацыі, якасны друк - гэтыя кнігі павінны з асалодай трымаюць у руках як дзеці, так і бацькі.

Што яшчэ нам дапамагае?

Дзеці чуюць ад нас, бацькоў, толькі беларускую мову. Мы не спрашчаем сабе жыццё і не пераходзім на рускую ў крамах і ў размовах з іншымі людзьмі. Вядома, калі чалавек мяне не разумее, я перакладу. Я тлумачу дзецям, што амаль усе людзі ў Беларусі вучылі беларускую мову ў школе, але маглі забыцца. Не варта баяцца першым загаварыць па-беларуску, а калі не разумеюць, то можна дапамагчы чалавеку і нагадаць, што значыць тое ці іншае слова.

Пры гэтым асяродак у нас збольшага рускамоўны. Бабулі і дзядулі ў нас размаўляюць па-руску. Я ведаю выпадкі, калі беларускамоўныя сем'і стараліся перавыхаваць сваіх бацькоў, прымусіць іх размаўляць па-беларуску. Гэта не наш выпадак. Для мяне не важная мова, на якой будуць звяртацца да ўнукаў мае бацькі, галоўнае, каб гэта была мова любві і прыняцця.

Не абмяжоўваем кантакты дзяцей

Сябры ў дзяцей размаўляюць на розных мовах, хто па-беларуску, хто па-руску, хто на трасянцы. Мы ніяк не абмяжоўваем кантакты дзяцей, не імкнемся, каб гэта былі беларускамоўныя дзеці. Галоўнае, каб яны разумеліся паміж сабой і прымалі адно аднаго незалежна ад мовы.

Лепшы сябра маёй дачкі сам перайшоў на беларускую мову ў 6 год. Лепшая сяброўка сярэдняй дачкі размаўляе толькі па-руску, але яны цудоўна ладзяць. 

Канешне, у нас ёсць знаёмыя беларускамоўныя сем'і, мы стараемся сустракацца, нават падарожнічаць разам, абавязкова збіраемся на нейкія святы. Гадоў 5 запар мы штолета ладзілі сямейны летнік, збіраліся на тыдзень вялікай кампаніяй пераважна беларускамоўных сем'яў. На працягу года мы імкнемся наведваць шмат імпрэзаў, дзе гучыць беларуская мова - канцэрты, спектаклі, творчыя сустрэчы.
 


 

Няма ілюзій наконт школ і садкоў

З садочкам у нас не склалася. Спачатку мне не хацелася дзяцей туды аддаваць, бо ў мяне не надта добрыя ўспаміны пра свой садок, да таго ж дзеці асабліва туды не прасіліся.

У старэйшых невялікая розніца, 2,4 і 1,6 паміж дзяўчаткамі, таму дома ім не сумна, яны добра гуляюць адна з адной. Мы спрабавалі аддаць у садок сярэднюю дачку, але неяк яе жаданне туды хадзіць хутка згасла, хоць садок быў беларускамоўным і з вельмі добрымі выхавацелькамі.

Калі ўсё ж будзем аддаваць малодшых у дашкольныя ўстановы, то вядома, гэта будуць беларускамоўныя групы. Нам пашанцавала, мы жывем у Зялёным Лузе, тут ёсць і садкі з такімі групамі і беларускамоўная гімназія. Праўда, у мяне няма ілюзій наконт таго, як часта там гучыць беларуская мова, я ведаю, што збольшага гэта будзе мова толькі выхавацеляў ці настаўнікаў.

Такая сітуацыя зараз у старэйшай дачкі, яна ходзіць у 2 клас беларускамоўнай школы. Яна адзіная ў класе, хто размаўляе заўсёды па-беларуску, і з настаўніцай, і з дзецьмі. Але ўсе прымаюць гэта як норму, у школе вельмі добрая атмасфера, і дачцэ ў школе камфортна.

Дзеці могуць выбіраць

Дарэчы, я не патрабую ад дзяцей, каб яны размаўлялі заўсёды па-беларуску. Наадварот, я кажу, што яны могуць выбіраць, як ім зручней. Але, відаць, яны бачаць мой прыклад, прыклад свайго бацькі, і пакуль бацькі займаюць у іх жыцці галоўнае месца, яны паўтараюць за бацькамі.

У старэйшай дачкі быў перыяд, калі ёй хацелася размаўляць па-руску. Ёй было гадоў 5, яна пасябравала з хлопчыкам з Казахстана, ён увогуле яе не разумеў, тады яна прыйшла і сказала: "Мама, я хачу трэніраваць рускую мову". Я яе падтрымала, толькі папрасіла, каб яна трэніравала рускую з бабуляй і сябрам, а са мной і татам усё ж размаўляла па-беларуску.

Гэты перыяд працягваўся літаральна пару тыдняў, а на наступнае лета з тым жа хлопчыкам дачка размаўляла ўжо па-беларуску.
 


Гурткі дзецям мы абіралі спачатку па моўнай прыкмеце. Але з часам адмовіліся ад такога падыходу, бо нават калі чалавек размаўляе па-беларуску, гэта не значыць, што як настаўнік ён будзе пасаваць мне і маім дзецям. У выніку ў нас засталіся музычныя заняткі па-беларуску, у нас цудоўны выкладчык па фартэпіяна. Для іншых заняткаў мы абралі гурткі, дзе беларуская мова мае права на існаванне  і на занятках пануе добразычлівая атмасфера. 

Калі дзеці праз некалькі год абяруць іншую мову, я не буду супраць, я прыму любое іх рашэнне. Для мяне важней мае дзеці, а не тое, на якой мове яны гавораць. Але пакуль мы робім усё, каб свет беларускай мовы быў прывабны і значны для іх. І мне здаецца важным падзяліцца сваімі літаратурнымі знаходкамі з тымі, хто хоча заахвоціць дзяцей чытаць па-беларуску.

Найноўшыя кнігі на беларускай мове, якія магу параіць

Для самых маленькіх магу параіць “Калыханкі” з малюнкамі знакамітай мастачкі Ганны Сілівончык. Калыханкі, як народныя, так і аўтарскія, можна чытаць як вершы. А можна слухаць, бо ў камплекце ідзе кампакт-дыск.

 

 


З дзеткамі ад 1 году можна чытаць кардонную кніжачку Юі Вісландэр “Крумкач кажа нельга”. А з 2 год можна пачынаць поўнафарматныя кнігі яе ж аўтарства, напрыклад, “Мама Му ўяўляе” пра прыгоды каровы, якая ўмела размаўляюць і рабіць шмат незвычайных рэчаў. Дарэчы, апошняя кніга яшчэ не перакладзеная на рускую мову.

 

 

Па-беларуску можна пачытаць пра прыгоды яшчэ аднаго шведскага персанажа - коціка Фіндуса. У 2018 г вышлі з друку “Вандроўка Пэтсана”, “Час Пеўня” і “Мітусня ў агародзе”.

 

 

“Дом цікаўных казак” - аўтарства Надзеі Ясмінска і мастачкі Алены Сацута - бадай, самая незвычайна ілюстраваная кніга гэтага агляду. Усе ілюстрацыі для яе зробленыя з паперы, 1600 папяровых дэталяў! У кнізе - 10 кароткіх казачных гісторый пра насельнікаў незвычайнага дома.

 

 

Яшчэ адна казка - “Чаму Меша не мае хаты” - таксама аўтарства Надзеі Ясмінска вабіць зрок фантастычнымі малюнкамі, зробленымі Кацярынай Дубовік ў незвыклай стылістыцы. Кнігу цікава не толькі чытаць, але і разглядаць.

 

 

Аматары дзіцячых вершаў па-беларуску сёлета атрымалі сапраўдны падарунак - зборнік вершаў Веры Жыбуль “Фантазюркі”.  Вершы пра ўсё загадкавае і вясёлае, што можна разгледзець у звычайных прадметах вакол нас.

 

 

Дзеткам ад 5 год будзе цікава пачытаць пра свайго аднагодку ў “Пацерках і кроплях” Надзеі Ясмінска. Гэта не проста гісторыя, а пераказ думак і пачуццяў пяцігадовага хлопчыка.

 

 

А што адчуваюць дзеці на парозе школы дапаможа зразумець кніга “Лета Германа” нарвежскага пісьменніка Стыяна Холе, якія напісаў амаль аўтабіяграфічную кнігу пра апошняе лета перад школай. А вось пасмяяцца са школьнага жыцця дапамогуць кнігі фінскага пісьменніка Парвела Ціма “Эла і сябры” ( 1 і 2).

 


“Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты” Эрыха Кэстнэра раскажуць пра прыгоды блізнятак, разлучаных у дзяцінстве і іх спробы зноў уз'яднацца ў адну сям'ю.

 

 

 

Калі вашы дзеці любяць загадкавыя гісторыі, то ім цікава будзе пазнаёміцца з незвычайным катом Шпротам, які пасябраваў з прывідамі. “Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў” Ганны Янкута - кніга пра прыгоды хлопчыка Алеся і ката Шпрота ў мінскім Парку Чалюскінцаў.



Незвычайныя прыгоды і небяспечныя здарэнні таксама чакаюць сваіх чытачоў у фэнтэзі “Магічнае дрэва” польскага пісьменніка Анджэя Малешка, па якой знялі фантастычны падлеткавы серыял.

Зразумела, кніг на беларускай мове па-ранейшаму вельмі мала. Таму сёлета я вырашыла зрабіць так, каб прыгожых і цікавых кніг па-беларуску стала болей. Я пераклала з украінскай любімыя кнігі сваёй малодшай дачкі. Гэта кнігі, якія мы летась набылі ў Львове, калі дачцэ толькі споўнілася 3 гады. І з таго часу я перачытвала іх дзецям безліч разоў, некалькі месяцаў запар я чытала кожны вечар толькі іх.

Гэта кнігі пра дрэвы, якія растуць у нашых парках і садах, таму яны так і называюцца - "Хто расце ў парку" і "Хто расце ў садзе". Закранаюцца тэмы пра пошукі мамы, пра любоў бацькоў, якая дае дзіцяці крылы, пра любоў не толькі да дзіцяці, але і паміж дарослымі с сям'і, пра тое, як клапаціцца, калі ты любіш, і як любіць, калі блізкі чалавек памёр. Каб кнігі маглі выйсці на беларускай мове, я запусціла праект на Ulej.by, дзе ўсе ахвотныя могуць падтрымаць іх выданне.

Мае дзеці з радасцю чытаюць і слухаюць па-беларуску. Спадзяюся, гэты спіс дапаможа і вам зрабіць свой выбар.



Обсуждают сейчас