Сейчас на сайте
Встречи Ребёнок.BY
Большая конференция для родителей и учителей пройдет в Минске 22 сентября "Свобода от воспитания. Глубокий личный разговор". Эксклюзивная встреча с Димой Зицером
Все о детях
"Хотите, чтобы он повзрослел? Cтановитесь взрослыми сами". О секретах общения с детьми Папа, не бей маму! Дети рассказывают, как пережили насилие в семье «Сама себя забирала из садика». Взрослые о травмах детства Как уберечь ребенка от трагедии? Мифы и правда о безопасном сне малышей
Здоровье
Офтальмолог, диетолог и шеф-повар представили рецепты самых полезных для зрения блюд История минчанки, которая потеряла ребенка на большом сроке
Женский мир
Отпуска, о которых белорусы вспоминают со слезами на глазах
Личный опыт
Стоит ли "переться" с детской коляской в общественный транспорт? Как воспитывают детей те, кого родители ставили в угол и грозились отдать в детдом?

Чытанка на лета. 12 лепшых дзіцячых кніг, адзначаных Прэміяй Цёткі

27 июня 2017 года
7

Думаеце, куды накіраваць бурлівую дзіцячую энэргію падчас летніх вакацый? Здаецца, адзін з найлепшых варыянтаў – гэта добрая кніга. Для аматараў якаснага чытання Ребенок. BY падрыхтаваў агляд лепшых кніжных навінак для дзяцей і падлеткаў, адзначаных літаратурнай Прэміяй Цёткі . Лавіце вартыя варыянты на любы густ і для любога настрою. Невялічкія вершыкі і вялікі раман, гістарычная тэматыка і казачны свет, пазнаваўчы змест і забаўныя прыгоды. Вочы разбягаюцца…


Источник фото: pixabay.com

Фіналісты літаратурнага спіса

“Айчына: маляўнічая гісторыя. Частка 1. Ад Рагнеды да Касцюшкі”

Аўтар: Уладзімір Арлоў

Мастак: Павел Татарнікаў

Прыкладны кошт: 49.00 р.

“Айчына” перамагла адразу ў дзвюх намінацыях Прэміі Цёткі – стала Найлепшай беларускай кнігай для дзяцей і падлеткаў і была адзначана за Найлепшае мастацкае афармленне.

Раім не праходзіць міма такога шыкоўнага кніжнага скарбу, нават нягледзячы на даволі немаленькі кошт: кніга будзе цікава ўсім пакаленням і стане ўпрыгожваннем любой сямейнай бібліятэкі.

Гістарычныя цікавосткі, што ахопліваюць час ад старажытнасці да ХVІІІ стагоддзя, распавядаюцца Уладзімірам Арловым не ў звыклай форме падручніка па гісторыі, а ў форме сакавітых гістарычных замалёвак з дыялагічным прысмакам. Адсюль – і займальнасць, лёгкасць, прастата, інтэрактыўнасць зместу, які без усялякіх перашкодаў успрымаецца і адкладваецца ў памяці.

Кнігу прыемна і палезна не толькі чытаць, але і проста глядзець. Дзякуючы таленту мастака Паўла Татарнікава чытачы пазнаёмяцца з былым выглядам нашых гарадоў, паўдзельнічаюць у знакамітых бітвах, убачаць, як выглядалі беларусы ў мінулым. Кожны малюнак дапаўняецца падрабязным тэкставым апісаннем, таму ад вас не ўтояцца нават самыя маленькія дэталі.

Кніга не толькі пазнаёміць з гісторыяй Беларусі, але і дапаможа скласці ідэальны турыстычны маршрут  па родным краі, што падчас летніх вакацый, увогуле, актуальна як ніколі.



“Зайка польку танцаваў”

Аўтар: Генадзь Аўласенка

Прыкладны кошт: 3.00 р.

У гэтым зборніку Генадзя Аўласенкі сабраны вершы рознай тэматыцы. Пра жывёл і дзяцей. Пра дзяцей-фантазёраў і пра тых, хто можа запэцкаць кашай і сябе, і ўсё навокал.

Карацей, трымайце гісторыйкі на ўсе выпадкі жыцця. Аб’ядноўвае іх добры гумар аўтара, які здолее выклікаць ўсмешку як у дзяцей, так і ў дарослых.

Сапраўднай разыначкай зборніка сталі вершыкі-загадкі. Каб адгадаць іх, дзецям прыйдзецца пагуляць з літарамі і складамі: пераставіць іх, прыбраць ці дадаць так, каб атрымалася новае слова. З рака – грак, з дрота – крот, з фуганка - ганак і г.д.

Шкада толькі, што такіх цікаўных загадак у кнізе сабрана не так ужо і шмат, але ж яны могуць стаць добрай нагодай для вашай далейшай ужо самастойнай творчасці.

“Пра Бусю, які жыве на Беларусі”

Аўтары: Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі

Прыкладны кошт: 11.00 р.

 

 Источник фото: архив автора

 

Думаеце, вы ўсё ведаеце пра буслоў, беларускую прыроду і родную мову? А вось і не!

Нават дарослыя добра паглыбяць свае веды, прачытаўшы гэтую кнігу, а што ўжо казаць пра дзетак. Тыя разам з Бусем адкрыюць для сябе ўсе прыгажосці роднага краю. Прычым, кожны чытач можа скласці свой, унікальны маршрут для цікавай вандроўкі, бо ў кнізе – свабодная структура  з чатырох частак.

З якой пачынаць, да якой звярнуцца потым? Ды не мае значэння! Можна праз аповесць-казку пазнаёміцца з жыццём Бусі, пераканацца,  што галоўнае ў жыцці – гэта дабрыня, шчырасць, любоў да ўсяго і ўсіх. Ці звярнуцца да Азбукі Бусі і даведацца аб усіх сакрэтах гэтай прыгожай птушкі. А можна займальна вывучаць беларускую мову з Бусевым слоўнічкам ці весела правесці час з вершаванай Маляванкай Бусі.

Перад вамі не проста казка, а кніга накшталт літаратурнага камбайна – з мноствам функцый на ўсе выпадкі жыцця.

“Бася і Піглас”

Аўтар: Надзя Бука

Прыкладны кошт: 7.00 р.

Набываючы для сваіх дзяцей “Басю і Пігласа”, будзьце гавтовыя знайсці ў іх заплечніках драўляныя прышчэпкі. Так, яны, вядома, назапасяць іх, каб ужо дакладна завабіць да сябе чароўнага Пігласа.

Гэта дзіўная істота ў выглядзе вока з крыламі жах як любіць ласавацца драўлянымі прышчэпкамі, размаўляе пры дапамозе бурбалак, прыносіць людзям святло і дабрыню.

Супергерой айчыннай вытворчасці сёння набывае неверагодную папулярнасць сярод беларусікаў і можа паціснуць у іх сэрцах папулярных заходніх персанажаў. І то добра, бо ў адрозненні ад замежных супергерояй нашаму ўласціва асаблівая шчырасць, дабрыня, таямнічасць, а вось агрэсія, празмернаня ўвага да знешняй крутасці ў ім цалкам адсутнічаюць.

Гісторыя сяброўства маленькай Барбары і загадкавага Пігласа прыйдзецца даспадобы тым, хто хоча пазнаёміць свайго малого не з надакучыўшым ужо маскультам, а з сапраўднай культурай.

“Дзяўчынка з вішнёвага завулка”

Аўтар: Тамара Бунта

Прыкладны кошт: 11.00 р.

Кніга ў аднолькавай ступені зацікавіць як дзяцей, так і дарослых, з’яднае вакол сябе ўсю сям’ю.

У невялікіх апавяданнях аўтарка Тамара Бунта сабрала свае дзіцячыя ўспаміны з часоў, калі шчасце было простым і магло хавацца ў адной звычайнай цацкі, ці ў навагодніх апельсінах, за якімі выстройваліся цэлыя шэргі, ці ў добрым учынку.

Пасля чытання бацькоў немінуча ахопіць прыемная настальгія. Дзеці ж змогуць па-іншаму паглядзець на сваё сучаснае дзяцінства і зразумець, што шчасце можна знайсці не толькі ў новай мадэлі тэлефона.

Кніга шчыра, з добрым гумарам распавядае пра самыя галоўныя каштоўнасці і пакідае палкае жаданне атрымліваць асалоду ад кожнай хвілінкі дзяцінства – свайго ці свайго дзіцяці.

“Мяне завуць Лахнэска”

Аўтар: Алена Масла

Прыкладны кошт: 6.00 р.

 

Источник фото: архив автора

 

У сваёй новай кнізе Алена Масла ператварае ўсім вядомы вобраз Лахнэскай пачвары ў добрую абаяльную Лахнэску, якая вельмі пакутуе з-за сваіх вялікіх памераў.

Як знайсці сяброў, калі цябе ўсе пужаюцца? Усе, акрамя маленькага апалоніка, сустрэча з якім усё абавязкова зменіць.

Шыкоўна праілюстраваная мастачкай Таццянай Аракчэевай гісторыя незвычайнага сяброўства дапаможа чытачам зразумець важную для нашых часоў ісціну – усе людзі розныя, і трэба з павагай ставіцца да асаблівасцей кожнага чалавека, не прыляпляючы аніякіх стэрэатыпаў прыгажосці, знешняга выгляду і г.д.

Кніга дапаможа дзяўчатам справіцца з комплексамі пераходнага ўзросту, калі здаецца, што ўсё ў цябе не такое, як трэба: нос задужа вялікі, ногі нейкія нязграбныя, а з таліяй, увогуле, – бяда. Хлопчыкі ж зразумеюць, што нават калі ты не выдаўся ростам, на фізкультуре стаіш у самым хвасце шарэнгі, гэта не перашкодзіць табе быць сапраўдным мужчынай. Бо галоўнае тут – памер твайго сэрца.

“Званочкі ў блакіце”

Аўтар: Іван Муравейка

Прыкладны кошт: 5.00 р.

“Званочкі ў блакіце” – гэта зборнік лепшых дзіцячых вершаў дый загадак нашага пісьменніка Івана Муравейкі, якому восенню споўніцца ажно 96 гадоў!

За сваю доўгую творчую біяграфію аўтар напісаў шмат кніг для дзяцей,  асаблівую ўвагу звяртаючы на тэму прыроды і сям’і. Вось і новы зборнік ператварыцца для малечы ў цікавую вершаваную вандроўку па прыроднаму свету.

Чаму снягір каляровы? Колькі ножак у сараканожак? Што ядуць бабры? Як выглядае небяспечны мухамор? На ўсе пытанні маленькія чамучкі знойдуць адказы. А яшчэ замацуюць свае веды пры дапамозе вершаваных загадак.

Прыемным дапаўненнем стануць для чытачоў і колькі добрых вершаў, прысвечаных матулі.

“Прыгоды Васількі з Брачыслаўля”

Аўтар: Мікалай Плавінскі

Прыкладны кошт: 7.00 р.

Кніга абавязкова прыйдзецца даспадобы дзеткам, якія цікавяцца мінулым роднага краю.

Разам з хлопчыкам Васількам, які жыў у Брачыслаўлі ў ХІ стагоддзі, чытачы адправяцца ў падарожжа па гісторыі Беларусі. Даведаюцца, як выглядалі тады нашыя гарады і вёскі, як функцыянавала Полацкае княства, якім багам пакланяліся продкі, як выхоўваліся і бавілі свой вольны час дзеці, калі не было ні тэлевізараў, ні кампутараў.

Вандроўка ў часе не толькі папоўніць веды маленькіх чытачоў, але і перагарне іх успрыманне сучаснасці.

Пасля такой чытанкі дзеці будуць больш цаніць дасягненні цывілізацыі, якімі яны карыстаюцца штодзень. Бо калісьці (цяжка ўявіць!) не было ні лямпачак, ні машын, а вось войны былі частымі і крывавымі, і хлопцы вучыліся карыстацца сапраўднай зброяй, а не гуляліся ў цацкі.

“Апельсінавы настрой”

Аўтар: Таццяна Прышчэпава

Прыкладны кошт: 5.00 р.

Пад інтрыгуючай назвай “Апельсінавы настрой” схавана мноства невялічкіх казачак з добрым павучальным зместам.

Трэба быць добрым і шчырым, любіць блізкіх і сваю радзіму, не ленавацца і заўсёды імкнуцца да ведаў. Вядома, нічога новага, аднак узгадаць такія базавыя рэчы дзеткам будзе не лішне.

Да таго ж распавядаюць пра іх новыя цікавыя героі – прыгожая Жамчужынка, неразлучныя Кап і Капа, каляровая Жырафка, хлопчык з незвычайным імём Апельсін і шмат яшчэ хто.

Лаканічнасць прасякнутых апельсінавым настроем гісторый не толькі дапаможа дзеткам ва ўспрыманні зместу, але і будзе сапраўднай палачкай-выручалачкай для бацькоў.

Асабліва ў тыя вечары, калі часу і сілаў на чытанне ну зусім не засталося.

“Адваротны бок люстра”

Аўтар: Ксенія Шталенкова

Прыкладны кошт: 13.00 р.

Нашыя дзіцячыя пісьменнікі сёння ўсё часцей звяртаюцца да тэмы гісторыі. Яшчэ адно таму падцвярджэнне – прыгодніцка-фантастычны раман “Адваротны бок люстра”.

Пытанні, актуальныя для падлеткаў (канешне, першае каханне, куды без яго, узаемаадносіны з бацькамі, сябрамі і г.д.), у кнізе ўдала міксуюцца з прыгодніцкім зместам, які ўвесь час захоўвае напружаннасць і не дазваляе адкласці чытанне без болю. Ну як жа класціся спаць, калі так карціць даведацца, што ж там адбудзецца надалей з авантурнай Баськай і рамантычным Міхалам.

Дадамо гістарычны антураж, які ахоплівае пэўную частку зместу, – і чытанне атрымліваецца не толькі захапляльным, але і палезным. Пасля вакацый дзеці змогуць выхваляцца перад аднакласснікамі і настаўнікамі сваімі гістарычнымі ведамі і з сур’ёзным выглядам распавядаць пра Барбару Радзівіл, Мікалая Радзівіла Чорнага, Біблію Францішка Скарыны і г.д.

Фіналісты мастацкага спіса

“Снежны чалавек у Мінску”

Аўтар: Эва Суса

Мастак: Кацярына Дубовік

Прыкладны кошт: 10.00 р.

Ужо знаёмы беларусам Снежны чалавек – персанаж шведскай пісьменніцы Эвы Суса – на гэты раз ласаваўся кісялём не ў сваёй пячоры, а ў мінскім парку Горкага.

Як ён туды трапіў, маленькія чытачы даведаюцца ў кнізе, якая не толькі зацікавіць незвычайнай гісторыяй, аднак і дапаможа малечы другімі вачыма паглядзяць і на звыклы Мінск, і на ўсю рэчаіснаць.

Убачыць у звычайным – незвычайнае, у паўсядзёным – унікальнае, у вядомым – казачнае. Дапамогуць у гэтым і малюнкі Кацярыны Дубовік, якімі багата праілюстравана выданне. У іх чорнае, шэрае дый белае прыемна дапаўняецца каляровымі дэталямі: аранжавымі аўтобасамі, чырвонымі дахамі, маленькімі дый вялікімі рознакаляровымі чалавечкамі.

Пасля такой кнігі не закахацца ў нашую сталіцу ну проста немагчыма. У ёй столькі колераў! Трэба толькі ўмець бачыць іх.

 “Чаму вожык не стрыжэцца”

Аўтар: Алесь Пісьмянкоў

Мастак: Анастасія Сакалоўская

Прыкладны кошт: 8.00 р.


Источник фото: архив автора


Калі хаціце, каб вашыя дзеткі раслі сапраўднымі эстэтамі, напаўняйце іх кніжныя паліцы кнігамі з менавіта такімі стылёвымі і ў той жа час сціплымі ілюстрацыямі.

Вожыкі, якія ў фантазіі мастачкі Анастасіі Сакалоўскай вельмі нагадваюць звычайных хлопчыкаў, занятыя важнымі справымі: то яны абараняюць ката, то рыбак малююць, то гойсаюць на самакаце.

Малюнкі, у якіх мала колеру, аднак многа душы, не проста ілюструюць змест вершаў, але і адкрываюць перад чытачамі неймаверную прастору для фантазіі, даюць той запаветны ключык, што і адкрывае дзверы ў свет казак.

Незвычайныя ў кнізе не толькі малюнкі, аднак і літары. Яны змяняюць свае памеры, шрыфты і колеры, робячы вершыкі жывымі і такімі прыцягальнымі для дзіцячага ўспрымання, якое, вядома, заўсёды бунтуе супраць усяго нуднага. На шчасце, ад нудоты ў гэтым выданні анічагусенькі не засталося.

Паліна Лісоўская



Обсуждают сейчас